Дзяржаўная ўстанова «Мядзельскі музей народнай славы»

Мядзельскі музей народнай славы заснаваны ў 1969 г. Агульная колькасць прадметаў у фондах музея — 41 000. Экспазіцыя музея прадстаўлена дзесяццю тэматычнымі заламі: «Старажытная гісторыя краю», «Нарачанская аперацыя 1916 года», «Рэвалюцыя 1917 г. і міжваенны перыяд 1921 — 1940 гг.», «Вялікая Айчынная вайна», «Партызанская зямлянка», «Вызваленне Мядзельшчыны», «Канфесіі Мядзельшчыны», «Знакамітыя землякі», «Воіны-інтэрнацыяналісты», «Хата рыбака». Цікавасць у наведвальнікаў выклікае старажытная кафля з раскопак сярэдневяковага замка, які знаходзіўся на паўвостраве возера Мястра. Каштоўныя экспанаты знаходзяцца ў раздзеле, прысвечаным Першай сусветнай вайне: армейскія пасведчанн, зброя, нямецкія акупацыйныя пашпарты з адбіткамі пальцаў уладальнікаў, нагрудныя крыжыкі і медальёны рускіх салдат, прадметы салдацкага побыту, фотаздымкі і карты. Значнае месца ў экспазіцыі музея адведзена жыццю і творчасці вядомых землякоў: мастаку В. Шаранговічу, артыстцы М. Захарэвіч, паэту М. Танку, мядзельскім паэтам І. Скурко, М. Дуксе, Я. Шабану, М. Шабовічу, А. Варановічу і інш. У 1990 г. у СШ № 1 г. Мядзеля адкрыты музей гісторыі школы імя У Дубоўкі, які дзейнічае як філіял Мядзельскага музея. У апошнія гады дзейнасць музея скіравана на стварэнне музейна-адукацыйных праграм для вучнёўскай моладзі. Найбольш адметная з іх — цыкл тэатралізаваных экскурсій пад назвай «Край нарачанскі — край партызанскі», якія праводзяцца ў лесе, каля в. Чарэмшыцы, на месцы базіравання партызанскай брыгады імя Варашылава.