Экспозиция

ДУ “Мядзельскі музей народнай славы”
У памяць аб гістарычных падзеях, у памяць дзядоў і прадзедаў, якія жылі на Мядзельшчыне, абаранялі яе ў баях, узводзілі гарады і сёлы, а таксама ў настаўленне нашчадкам, - быў створаны Мядзельскі музей народнай славы. Векапомныя падзеі, лёсы людзей, якія ўдзельнічалі ў іх, успаміны старажылаў знайшлі сваё адлюстраванне ў музейнай экспазіцыі.
Заснаваны музей у 1969 годзе на базе Мядзельскага аддзела культуры. У 1981г. было завершана будаўніцтва новага будынка музея, а ў маі 1989г. музей быў адкрыты для наведвальнікаў. Плошча экспазіцыі складае 563 м². Агульная колькасць музейных прадметаў складае больш 40 000 адзінак.
Афармленне інтэр’еру здзейснена ў беларускім стылі – ансамбль вясковай хаты з бэлькамі, аздобленымі геаметрычнай разьбой. Калі заходзіш у музей, то адразу адчуваеш атмасферу даўніны: на сцяне – керамічныя пано, якія адлюстроўваюць гістарычныя падзеі Нарачанскага краю; на светлых дубовых плашках – адмысловая разьба.

У наступнай зале – габелены, вытканыя для экспазіцыі па матывах легенд Нарачанскага краю мастачкай Нінай Пілюзінай.

Арыгінальнасцю афармлення вылучаецца зала Вялікай Айчыннай вайны, дзе тыя ж дэталі інтэрьеру – дубовыя плашкі на сценах і столі надаюць усяму адчуванне трывогі: пафарбаваныя ў карычневы колер, з набітымі ў іх асколкамі ад снарадаў і патроннымі гільзамі, яны напамінаюць аб вайне.

У залах музея прадстаўлена 10 тэматычных экспазіцый: “Старажытная гіторыя краю” (матэрыялы раскопак гарадзішч, селішч, курганных могільнікаў), “Нарачанская аперацыя 1916 года”, “Рэвалюцыя 1917г. і міжваенны перыяд 1921-1940гг.”, “Вялікая Айчынная вайна”, “Партызанская зямлянка”, “Вызваленне Мядзельшчыны”, “Канфесіі Мядзельшчыны” (праваслаўная, каталіцкая, іслам, іудаізм), “Сучаснасць і людзі” (знакамітыя землякі – паэты, пісьменнікі, мастакі, вучоныя, артысты), “Воіны-інтэрнацыяналісты”, “Хата рыбака”.
У экспазіцыі музея прыцягваюць да сябе ўвагу матэрыялы аб старажытнай гісторыі Мядзельшчыны. Тут прадстаўлены прылады працы нашых продкаў, пачынаючы з каменнага веку.

Цікавасць выклікае старажытная кафля, каралеўскі бярдыш з раскопак сярэдневяковага замка, які знаходзіўся на паўвостраве возера Мястра.

А кафля з выявай жанчыны на кані, у руках якой меч, і якім яна пагражае мядзведзю, з’яўляецца ўнікальнай. Археолагі і даследчыкі лічаць, што гэта выява магла быць гербам Мядзела.

Унікальныя экспанаты знаходзяцца ў раздзеле экспазіцыі, прысвечанай Першай сусветнай вайне.

Тут – армейскія пасведчанні таго часу, зброя, нямецкія акупацыйныя пашпарты з адбіткамі пальцаў уладальнікаў, нагрудныя крыжыкі і медальёны рускіх салдат, прадметы салдацкага побыту, фотаздымкі і карты таго часу.
нямецкі акупацыйны пашпарт
драўляная дошка з надпісам: “Не шумите вы, сосны зелёные, не будите вы славных героев”, якая ў свой час знаходзілася над варотамі могілак в. Вузла, дзе ў брацкай магіле захавана 45 рускіх салдат і афіцэраў, загінуўшых ад газавых атак у час “Нарачанскай аперацыі” 1916г.
Вялікая колькасць музейных прадметаў дэманструецца ў экспазіцыі музея, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне.

Гэта фотаздымкі і дакументы першых арганізатараў падпольнага руху і партызан, іх асабістыя рэчы, зброя часоў Вялікай Айчыннай, нямецкі посуд. Асобная частка гэтага раздзела экспазіцыі адлюстроўвае халакост: тут прадстаўлены дакументы, фотаздымкі, рэчы загінуўшых яўрэяў, а таксама дакументы праведнікаў свету. Ёсць тут і такія рэдкія і цікавыя дакументы, як, напрыклад, перапіска паліцэйскіх Мядзельскага гарнізона з партызанамі брыгады імя Ракасоўскага. Асобна сабраны лісты з фронту, датаваныя 1944 годам. Яны напісаны загінуўшым у Польшчы Вячаславам Давідовічам – былым камсамольцам-падпольшчыкам. Сярод мноства фатаздымкаў ёсць і ўнікальны – І. І. Пынькін, жыхар в. Слабада, які ў маі 1945 года сфатаграфаваўся з баявымі сябрамі каля сцен рэйхстага.
Вялікую цікавасць у наведвальнікаў музея выклікае гісторыя запіскі, якую напісаў перад боем Аляксей Валюк.
копія запіскі
З першых дзён вайны жыхар вёскі Заўруткі Мядзельскага раёна Аляксей Валюк на фронце. Праз некаторы час яго бацькі атрымалі пісьмо, што іх сын лічыцца загінуўшым без весткі. Доўгі час ніхто не ведаў, дзе і як малады чырвонаармеец загінуў. У 1976 годзе чырвоныя следапыты сярэдняй школы № 130 г.Мінска падарожнічалі па месцах, дзе летам 1941 года чырвонаармейцы вялі няроўны бой з гітлераўцамі на беразе ракі Беразіна. Вучні аглядалі засыпаныя акопы, траншэі, бліндажы. У траве, як нямыя сведкі былых баёў, зелянелі гільзы ад супроцьтанкавых ружжаў. У адной з гэтых гільзаў вучні знайшлі запіску. Папера пажаўцела, амаль сатлела ад часу. Як ні стараліся прачытаць тэкст – не змаглі. Запіску перадалі ў Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны, а адтуль пераслалі спецыялістам на экспертызу і рэстаўрацыю ў Маскву. Нягледзячы на ўсе старанні экспертаў, цалкам тэкст аднавіць не ўдалося: “Из батальона осталось три человека. Не, уже два. Сашок ранен. Сам я из деревні Заврутки Мы держим оборону за рекой Березина. Реку перешли, а … фашисты. Помер мой друг Александр Бручкин. Я остался один. Осталось шест…гранат. Но танки все лезут. Перебили ногу. Скоро не бу…меня. Товарищи, отомстите за нас. Мы не отступили. Сражались до последней капли крови”. Хутка стала вядома, што вёска Заўруткі адзіная ў Беларусі і знаходзіцца ў Мядзельскім раёне. Школьнікі накіраваліся ў вёску і па почарку высвятлілі, што гэтым чалавекам мог быць толькі Аляксей Валюк. Так стала вядома імя салдата-героя. А на шашэйнай дарозе Мінск – Магілёў, на тым месцы, дзе былі пазіцыі загінуўшага батальёна, стаіць абеліск на якім высечаны словы з запіскі Аляксея Валюка.
Галоўным прыродным багаццем нашага краю з’яўляюцца азёры. Іх ў раёне налічваецца 52. З даўніх часоў азёры давалі ежу і дадатковыя сродкі да існавання жыхарам прыбярэжніх вёсак. У музееі створана экспазіцыя “Хата рыбака”, дзе прадстаўлены разнастайныя рыбацкія снасці, адзенне, прадметы побыту.

На тэрыторыі раёна жывуць людзі самых розных веравызнанняў. Найбольш буйнымі рэлігійнымі канфесіямі здаўна ў нас былі каталіцкая і праваслаўная, аднак ёсць і прадстаўнікі іудзейскай і мусульманскай канфесій. Да нашых дзён захаваліся помнікі архітэктуры: будынкі касцёлаў, цэркваў, а таксама шматлікія помнікі мастацтва – іконы, кнігі, прадметы культавага ўжытку. Усе гэтыя матэрыялы і дэманструюцца ў раздзеле экспазіцыі «Канфесіі Мядзельшчыны”.

Значнае месца ў экспазіцыі музея адведзена жыццю і творчасці нашых вядомых землякоў: народнаму мастаку Беларусі Васілю Шаранговічу, народнай артыстцы Беларусі Марыі Захарэвіч, мядзельскім паэтам: Іосіфу Скурко, Мар’яну Дуксе, Яўгену Шабану, Мікалаю Шабовічу, Адольфу Варановічу і інш.

Асаблівае месца ў музеі займае экспазіцыя, прысвечаная народнаму паэту Беларусі, нашаму земляку Максіму Танку (Яўгену Іванавічу Скурко). Рукапісы паэта, кнігі з яго аўтографамі, шматлікія фатаграфіі, асабістыя рэчы - сапраўдная памяць пра паэта.

стужка “Ганаровы грамадзянін горада-героя Мінска”
ліст з вершам Якуба Коласа, прысвечаны М.Танку
Дзяржаўная ўстанова “Мядзельскі музей народнай славы” займае важнае месца ў культурным жыцці раёна. На цяперашні час гэта ўстанова стала адпавядаць не толькі сваім асноўным, карэнным функцыям: збіраць і захоўваць, і гэта не толькі культурна-адукацыйная ўстанова. Наша пераменлівае жыццё дыктуе свае ўмовы. Новыя выклікі, новае натхненне. Цяпер наведвальніку ўжо нецікава проста пабываць на экскурсіі (агляднай або тэматычнай), быць пасіўным слухачом. Становіцца неад’емнай часткай сам удзел наведвальніка ў музейным дзеянні. З гэтай мэтай і ствараюцца новыя інтэрактыўныя мерапрыемствы. Найбольш адметнай з такіх праграм можна назваць тэатралізаваныя экскурсіі пад агульнай назвай “Край нарачанскі – край партызанскі”, якія ўжо традыцыйна праводзяцца на месцы базіравання партызанскай брыгады імя Варашылава, у лесе, каля вёскі Чарэмшыцы. Моладзь з вялікай цікавасцю і дапытлівасцю слухае расказы пра Вялікую Айчынную вайну, пра нашых землякоў – удзельнікаў вайны. Аднак не толькі расказы прыцягваюць увагу гледачоў, але і тэатралізаваныя пастаноўкі на ваенную тэму, разнастайныя інсталяцыі: кавалачак хлеба, які атрымлівалі ў блакадным Ленінградзе, сапраўдныя ваенныя пісьмы, што пісалі з фронту родным нашы землякі, вайсковыя рэчы, рыштунак, партызанскае адзенне, газеты, лістоўкі ваеннага часу. У рамках гэтага мерапрыемства адбываецца і ўрачысты прыём ў члены БРСМ і члены грамадскага аб’яднання Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. На ўсё жыццё дзеці і моладзь запомняць гэты дзень, калі ім ветэраны Вялікай Айчыннай, былыя воіны-інтэрнацыяналісты павязваюць гальштукі і уручаюць членскія білеты і значкі. І, каб канчаткова адчуць партызанскае жыццё і быт, абавязковае частаванне лясной духмянай гарбатай і, безумоўна, партызанскай кашай і нарачанскай юшкай.

Мядзельскі музей як установа культуры займае адметнае месца ў грамадскім жыцці раёна. Тут штогод арганізоўваецца каля 20 самых разнастайных выстаў з уласных фондаў і фондаў іншых устаноў.

Дзяржаўная установа “Мядзельскі музей народнай славы” сардэчна запрашае пазнаёміцца з гісторыяй Нарачанскага краю жыхароў і гасцей Мядзельчшыны і адкрыта для супрацоўніцтва з іншымі ўустановамі, арганізацыямі, зацікаўленыміі, неабыякавымі асобамі дзеля вывучэння і папулярызацыі мінулага і сапраўднага сваёй Бацькаўшчыны!